СКО́РАСНЫ БЕГ НА КАНЬКА́Х,
від канькабежнага спорту. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 500, 1000, 1500, 5000 і 10 000 м для мужчын і 500, 1000, 1500, 3000 і 5000 м для жанчын, таксама ў мнагабор’і па замкнёнай лядовай дарожцы даўж. 400 м; у шорт-трэку на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м і ў эстафетным бегу — 3000 м для жанчын і 5000 м для мужчын, на дарожцы даўж. 111 м.
Узнік у Нідэрландах у пач. 13 ст. Першыя канькабежныя т-вы з’явіліся ў Нарвегіі (1864), Расіі (1877); нац. федэрацыя канькабежнага спорту — у Вялікабрытаніі (1879). Афіц. міжнар. спаборніцтвы праводзяцца з канца 19 ст. (1882. Вена; 1889, Амстэрдам, і інш.). Чэмпіянаты свету праводзяцца сярод мужчын з 1893, сярод жанчын — з 1936; па спрынтарскім мнагабор’і (дыстанцыі 500 і 1000 м) — з 1970. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1893 сярод мужчын і з 1970 — у жанчын. У праграме зімовых Алімп. гульняў — адпаведна з 1924 і 1960. Міжнар. саюз канькабежцаў засн. ў 1892, аб’ядноўвае больш за 50 краін (1999). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, ЗША. Германіі, Нідэрландах, Расіі, Японіі і інш. Спаборніцтвы па шорт-трэку праводзяцца з 1970-х г. Чэмпіянаты свету з 1978. У праграме Алімп. гульняў — з 1992.
На Беларусі першыя секцыі ўзніклі ў 1922 (г. Полацк). У 1926 адбыўся 1-ы чэмпіянат Мінска, чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1933. Першыя чэмпіёны — З.Бальшакова і Б.Бальшакоў (адпаведна 17 і 9 разоў). Сярод бел. канькабежцаў найб. вызначыліся І.Жалязоўскі, Э.Матусевіч, У.Кажаноўскі — чэмпіён СССР сярод юнакоў (1977) на дыстанцыі 500 м, А.Кацюга — бронз. прызёр чэмпіянату свету па спрынтэрскім мнагабор’і (2002, Нарвегія), 5-е месца ў спрынце на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002 г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША) з рэкордам Беларусі на дыстанцыі 500 М.
А.М.Петрыкаў.
т. 14, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)